Апошнім часам даволі рэдка аргазмірую вышэй галавы, глядзячы кіно. Ці то нагледжанасць тут грае значную ролю, ці то сапраўды нармалёвага кіно стала меней. Ды й адчуванне перманентнага піздеца ў навакальным асяроддзі з гадамі неяк прытупляе насалоду ад прыўкраснага.
А навакольнае асяроддзе ўсё тое ж самае. Барацьба, як той кажа, трывае. У Злучаных Штатах левая моладзь змагаецца са старымі ультра-кансерватарамі, намагаючыся ўзяць рэванш за сваю паразку ў ранейшым. Бойка за бойкай скрозь дзесяцігоддзі, але ж гэтым разам, магчыма, супрацьстаянне мае ўсе шансы скончыцца чарговым глабальным ізломам замест простых касметычных зменаў — каб пазней распачацца зноўку ўжо з чыстага ліста.
Я заўсёды думаў, што аніякі мастак не мае сілы сваей творчасцю змяніць грамадства, будучыню, свет. Але ў той жа час піздаты мастак мае магчымасць трошкі паўплываць на працэс і, што больш цікава, прадвясціць далейшае развіцце падзеяў.
Карацей, стужка «One Battle After Another» Пола Томаса Андэрсана. Шыкоўны каст, як заўсёды ў Андэрсана чоткая рэжысура, стылёвыя кадры, ахуіцельны музон. Усё на месцы і да таго ж — адна з найлепшых у гісторыі кіно сцэна з аўтамабільнай пагоняй. Сцэна, усярэдзіне якой выразна адчуваеш сябе ці то на амерыканскіх горках, ці то на сапраўднай трасе. Максімальна геніяльна знятыя 5 хвілін, проста дзеля якіх ужо варта паглядзець фільм цалкам.
Тым часам астатнія 2.5 гадзіны стужкі ультралевакі ябуць ультраправакоў, а ультраправакі — ультралевакоў. Усе як у рэальным жыцці. Вынікам гэтага бясконцага кахання стае дзяўчына — увасабленне будучай Амерыкі. Хто яна, што яна, якой яна стане і якія погляды яна будзе мець — Пол Томас Андэрсан не дае адказу. Але ж, калі тая сыходзіць напрыканцы фільма ў будучыню і бацька просіць яе берагчы сябе — дзяўчына праз плячо адказвае «ня буду».
Так, не будзе. Новая Амерыка [новы мір?], якая таксама нараджаецца наўпрост на нашых вачах, таксама будзе далекая ад асцярогі. Будзе кроў, будзе адчай, будуць паразкі і перамогі. Будзе адна бітва, а за ёй — іншыя. One Battle After Another без перапынку.
Але ж скрозь усё змаганне, якое доўжыцца стагоддзямі, канстантай застаецца толькі адно: любоў бацькоў да сваіх дзяцей. Безумоўная, няспынная. Каму, як не Полу Томасу Андэрсану — бацьку чатырох дзяцей — аб гэтым ведаць.